Карыстальніца Threads пад нікам youth.cherry расказала, што з дзяцінства жыла за мяжой і вучылася ў рускай школе, таму амаль не ведае беларускай мовы. Яна папрасіла параіць, як паступова ўвесці беларускую ў паўсядзённае жыццё. У адказ карыстальнікі падзяліліся сваім досведам і рэкамендацыямі.
У каментарыях ёй параілі не абмяжоўвацца падручнікамі, а паступова дадаваць беларускую ў прывычныя заняткі.
«Вельмі добра, што вы сапраўды гэтага хочаце. Паспрабуйце пачаць хаця б з Threads: чытаць пасты па-беларуску, пісаць простыя каментарыі, дадаваць мову патроху ў штодзённае жыццё. Праз нейкі час заўважыце, што ўжо разумееце значна больш, чым раней, а потым і самі пачняце размаўляць з сябрамі па-беларуску. Галоўнае – не баяцца памылак і проста спрабаваць», – раіць dyplomy_pl.
«Пачніце з кніг Уладзіміра Караткевіча, Коласа, Купалы, Мележа, Багдановіча і Максіма Танка. Потым глядзіце фільмы па-беларуску, наведвайце беларускія тэатры: Купалаўскі, драматычны і г.д. Гэта першы крок для вас да беларушчыны», – лічыць andruslipien.
«У мяне падобны досвед. Я беларуска, вырасла ў Эстоніі ў рускай школе. Я слухала лекцыі па цікавай для мяне тэме з слоўнікам. Спампавала сабе на тэлефон праграму, так і называецца “Слоўнік” – падцягвае інфармацыю з усіх анлайн-слоўнікаў беларускай мовы. Гады 3-4 павольна набірала слоўнікавы запас і чула маўленне. Потым пачала размаўляць. Але гэта занадта доўгі спосаб. Калі хочаце хутчэй – ідзіце да педагога», – напісала viki_pattern_designs.
«Наш настаўнік у ін’язе прымушаў чытаць кнігі на французскай, па адной на месяц. Правілы былі такія: чытаеш, і спачатку трэба разумець тэкст на ўзроўні абзаца, у слоўнік лезеш не больш за 2 разы на абзац і шукаеш там словы, якія перашкаджаюць гэты абзац зразумець. Такім чынам табе не надакучвае шукаць кожнае незнаёмае слова ў слоўніку і падвышаецца слоўнікавы запас. Параю слухаць музыку і глядзець беларускі YouTube таксама на мове. Поспехаў!» – параіл vodguk.
«Глядзіце кіно ў беларускай агучцы. Напрыклад, на сайце “Кінакіпа”. Вы можаце выбіраць тое, што вы ўжо глядзелі па-руску ці ў арыгінале, і пераглядаць гэта па-беларуску, бо штосьці новае па-беларуску вам, мабыць, будзе складана глядзець. Пачніце глядзець і чытаць белмоўных блогераў. У анлайн-бібліятэцы “Беларуская палічка” шмат рознай літаратуры. Спрабуйце самі крыху пісаць па-беларуску. Ну і база – чытаць актуальныя слоўнікі і правілы, звярацца з імі, абапірацца на іх», – напісала adarka_zhabka.
«Можна пачаць са школьнай праграмы. Мой муж амаль усё жыццё жыў у Расіі. Пасля таго як пераехаў у Менск, вучыў па кнігах у YouTube і школьнай праграме. Вывучыў добра», – падзялілася richarda_rose.
«Паспрабуйце пачаць з песень, паслухайце сучасныя, нават “Навібэнд”. Я беларускі філолаг і сорамна прызнацца, але не магу сказаць, што насамрэч любіла раней беларускую мову. Гэта была мова і мова, са сваімі цікавымі асаблівасцямі і прыгожымі словамі. Але паважала тое, што яна наша, асобная, свая. У вершах найбольш мілагучная. Раю паспрабаваць не прозу чытаць напачатку, а вершы. Але пасля пераезду ў Польшчу змяніліся і мае адносіны з мовай. Я пачала адчуваць такую тонкую, беражлівую любоў да яе», – расказала izumovaja.
Раней беларуска з нікам meusestu пыталася ў Threads, як людзі палепшылі сваю размоўную беларускую, калі ў дзяцінстве не карысталіся ёю. Пост сабраў дзясяткі адказаў. У каментарыях беларусы дзяліліся ўласным досведам – ад штодзённай практыкі і музыкі да зносін з беларускамоўнымі сябрамі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















